Установа «Музей „Замкавы комплекс «Мір»“»

Установа «Музей „Замкавы комплекс «Мір»“» была ўтворана 1 красавіка 2011 г. і з’яўляецца музеем рэспубліканскага падпарадкавання. Мірскі замак у гарадскім пасёлку Мір — унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі, у 2000 г. ён быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА па наступных крытэрыях: як выдатны ўзор цэнтральна-еўрапейскага замка, які адлюстроўвае паступовую змену культурных стыляў (готыку, рэнесанс, барока); нагляднае адлюстраванне ў форме і знешнім выглядзе ансамбля доўгай гісторыі палітычных і культурных супрацьстаянняў і ўзаемадзеянняў. Архітэктурны комплекс уключае ў сябе ўласна замак XVI — XX стст., земляныя валы XVI — XVII стст., пейзажны і рэгулярны парк, стаў, флігель, капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай, прыдарожную капліцу — на плошчы амаль 25 гектараў. У 1947 г. замак узяты пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры XVI — XX стст. 3 1987 г. філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (на той час — Дяржаўны мастацкі музей БССР).

У 1992 г. адкрылася першая музейная экспазіцыя ў Паўднева-заходняй вежы, якая налічвала 6 экспазіцыйных ярусаў. 16 студзеня 2010 года была адкрыта пастаянная экспазіцыя Паўночнага корпуса з рэканструяванай інтэр’ернай часткай палаца. Наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з 39 паўнацэннымі экпазіцыямі Мірскага замка і царквы-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх, апошніх уладальнікаў замка. Адметнасць музея не толькі ў захаваўшыхся аўтэнтычных дэталях помніка архітэктуры, але і ў адноўленных інтэр’ерах асноўных залаў: «Сталовай ізбы», «Партрэтнай залы», «Сеняў» і інш., — дзе наведвальнікі знаёмяцца з матэрыяльнай культурай перыяду пачатку XVII і сярэдзіны XVIII стагоддзяў. У экспазіцыях музея прадстаўлены ўнікальныя прадметы мэблі, зброі, шпалераў і др. На пляцоўках установы «Музей „Замкавы комплекс «Мір»“» кожны год ладзяцца шырока вядомыя музычныя, мастацкія і сярэднявечныя фестывалі. Сёння Мірскі замак — гэта аб’ект з многапрофільнай інфраструктурай: 2 канферэнц-залы, якія адпавядаюць усім сучасным патрабаванням, для правядзення мерапрыемстваў на высокім узроўні, атэль і рэстаран. 3 кожным годам узрастае колькасць жадаючых дакрануцца да своеасаблівай архітэктурнай мелодыі Мірскага замка, штогод яго наведваюць больш за 220 тысяч чалавек.