18 мая 2013 года “Адкрый свой МІР”



Толькі адзін раз на год экспазіцыю любога музея можна пабачыць у незвычайны для наведвання час – ноччу. Міжнародная штогадовая культурная акцыя “Ноч музеяў” стала традыцыйнай і для музейнай прасторы Беларусі.

18 мая 2013 года музей “Замкавы комплекс “Мір” далучыцца да гэтага культурнага руху. “Адкрый свой МІР” – пад такім слоганам будзе разгорнуты шэраг мерапрыемстваў у сярэднявечным замку. Упершыню за час існавання музея і правядзення гэтай акцыі праграма ночы будзе такой насычанай і яскравай. Сам замак і яго госці пройдуць за суткі шлях ад XVI да XX стагоддзя. Прычым кожны зможа абраць мерапрыемства на свой густ і пабачыць Мір такім, якім яшчэ дагэтуль не бачыў.
Наведай Мірскі замак. Адкрый свой МІР!

12.00-15.00
XVI ст. “Свет сярэднявечча”: Мірскі кірмаш.

Прызамкавая плошча, унутраны двор Мірскага замка.
Уваход вольны.

Кірмаш – традыцыйная форма правядзення перыядычных з’ездаў гандляроў у пэўнай мясцовасці. У ВКЛ кірмашы шырока распаўсюдзіліся ў XVI ст., калі розныя гарады і мястэчкі пачынаюць атрымліваць правы на іх правядзенне. Адзін з самых значных кірмашоў праводзіўся ў Міры. Падчас іх правядзення абавязкова ладзіліся кірмашовыя святы, што складаліся з так званага кірмашовага тэатра, гульняў, варажбы і г.д. Такія святы стваралі ілюзію ўсеагульнай роўнасці, прыўносілі адчуванне радасці быцця, зямнога раю.

На разгорнутым Мірскім кірмашу будуць прадстаўлены ўсе абавязковыя атрыбуты сапраўднага сярэднявечнага свята. Запрашаем усіх жадаючых акунуцца ў непаўторную атмасферу XVI ст. і адкрыць зусім новы МІР! МІР СЯРЭДНЯВЕЧЧА!

15.00-17.00
XVIІ ст. “Свет танца”: тэатр сярэднявечнага танца і касцюма “Яварына”.

Унутраны двор Мірскага замка.
Уваход па квітках.

Танцы заўсёды адносіліся да ліку самых папулярных у любым асяроддзі забаў. Ніводная імпрэза ў XVIІ ст. не абыходзілася без іх – ад сялянскага двара да панскага. Асабліва вялікімі аматаркамі танцаў былі жанчыны. Прыдворныя танцы ў ВКЛ амаль цалкам былі перайманы з еўрапейскіх краін і класіфікаваліся звычайна па асноўных элементах – скочныя ці карагодныя. Сярод дробных шляхціцаў карысталіся папулярнасцю простыя танцы і музыка да іх.

Толькі на адзін дзень двор Мірскага замка будзе ператвораны ў танцавальную пляцоўку XVIІ ст. Калі Вы даўно марылі навучыцца танчыць, але не мелі для гэтага часу і магчымасцяў, майстар-клас пад жывое музычнае суправаджэнне – гэта самы ідэальны варыянт. Адкрыйце новы свет сваіх захапленняў, а разам з гэтым і новы МІР! МІР ТАНЦА!

17.00-19.00
XVIІІ ст. “Свет тэатра”: мірская батлейка.

Вялікая канферэнц-зала Мірскага замка.
Уваход па квітках.

Батлейка – беларускі народны тэатр лялек, у асноўным на рэлігійную тэматыку. Батлеечны тэатр – унікальная з’ява еўрапейскай культуры, якая выйшла з народу і здолела закрануць сваёй шчырасцю інтэлігенцыю. Свая батлейка існавала і ў Міры. Гэта і не дзіўна, бо ў XVIІІ ст. сам Мірскі замак быў далучаны да тэатральнага еўрапейскага жыцця дзякуючы Уршулі Радзівіл, жонцы гаспадара замка Радзівіла “Рыбанькі”. Кожнае сямейнае свята дзякуючы свайму літаратурнаму таленту яна ператварала ў сапраўдныя тэатральна-музычныя імпрэзы. Ёсць верагоднасць таго, што і батлеечны тэатр яна не абмінала сваёй увагай.

Традыцыі мірскай батлейкі жывуць і сёння. Калі Вы разам з сям’ёй захочаце стаць гледачамі рэдкіх у наш час батлеечных спектакляў, варта завітаць менавіта на гэтае прадстаўленне. Адкрыйце для сябе і сваіх дзяцей новы МІР! МІР ТЭАТРА!

19.00-21.00
ХІХ ст. “Свет музыкі”: канцэрт праекта “Маладыя галасы” “Музыка кахання і мар”.

Партрэтная зала Мірскага замка.
Уваход па квітках.

Класічная музыка ХІХ ст. Колькі слынных імёнаў яна падаравала свету! Музыка ў XIX ст. гучыць перш за ўсё ў канцэртных залах, шыкоўных палацах у выкананні аркестраў, віртуозаў-салістаў. Паўсюль адкрываюцца оперныя тэатры, пашыраецца музычная адукацыя, з’яўляюцца музычныя газеты і часопісы. Кампазітары XIX ст. – гэта гарачыя змагары за зацвярджэнне сапраўды народнага, нацыянальнага мастацтва, якое выхоўвае людзей у духу самых высакародных і светлых ідэй часу.

Партрэтная зала Мірскага замка – ідэальныя дэкарацыі для афармлення класікі XIX ст. Толькі на адзін вечар яна зробіцца канцэртнай залай для таго, каб парадаваць вытанчаны густ меламанаў. Міжнародны музычны праект “Маладыя галасы” прэзентуе спецыяльна падрыхтаваную для гэтага вечара праграму “Музыка кахання і мар”. Вы зможаце не толькі пабачыць, але і пачуць новы МІР! МІР МУЗЫКІ!

21.00-23.00
ХХ ст. “Свет кiно”: нямая стужка з жывым музычным агучваннем.

Слановая зала Мірскага замка.
Уваход па квітках.

Кіно з самага свайго з’яўлення прыцягвала ўвагу людзей. Яшчэ большай загадкавасцю і прыцягальнасцю валодае нямое кіно. Выяўленчыя і мастацкія магчымасці нямога кіно былі надзвычай высокія. Выпрацаваўся зусім адмысловы непаўторны стыль зносін з гледачом пры дапамозе мімікі і жэстаў. Выразнасць рухаў некаторых акцёраў нямога кіно наўрад ці можа быць пераўзыдзена нават у сучасным гукавым кіно. Акрамя таго, кінасеансы ў пачатку XX стагоддзя не былі цалкам бязгучныя – звычайна паказ кіно меў музычнае суправаджэнне на фартэпіяна.

Апошнія ўладары Мірскага замка – княжацкі род Святаполк-Мірскіх – заўсёды сачылі за тэхнічнымі навінкамі і модай таго часу. Таму і кіно не заставалася па-за іх увагай. Толькі на адзін вечар Слановая зала Мірскага замка будзе ператворана ў кінатэатр. Нямая чорна-белая стужка ў жывым музычным суправаджэнні стане сапраўднай украсай Ночы музеяў. Адкрыйце для сябе ўнікальны МІР! МІР КІНО!

23.00-00.00
Эксклюзіўная начная экскурсія па замку “Святло ў ночы”.

Музейная экспазіцыя Мірскага замка.
Уваход вольны.

У кантэксце “Ночы музеяў” пройдзе конкурс маладых аматараў фотамастацтва “Погляд на МІР” (сумесны праект SAMSUNG + MIR CASTLE).

250